Франц Сіўко - белорусские писатели и поэты Миоры

Франц Сіўко (3)

Франц Іванавіч СіўкоФранц Іванавіч Сіўко нарадзіўся 3 мая 1953 года ў вёсцы Вята на Міёршчыне. Дзіцячыя і юнацкія гады правёў у Міжрэччы. Вучыўся ў Міжрэчанскай пачатковай і Павяцкай сярэдняй школах. Пасля заканчэння ў 1975 філалагічнага факультэта БДУ настаўнічаў у СШ № 2 г. Верхнядвінска, з 1980-га – у сярэдніх школах №№ 29, 30, 12 г. Віцебска. Працаваў карэспандэнтам-арганізатарам у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў, у рэдакці газеты “Віцебскі рабочы”. З 1993 па 1999 выкладаў беларускую мову ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. У 1999 быў абраны на пасаду старшыні абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сталую літаратурную працу пачаў у 1983 як празаік., Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993. Першую кнігу “З чым прыйдзеш” выдаў у 1991. Друкаваўся ў калетыўных зборніках “Карані” (1994), “Ад ніў прыдзвінскіх” (2009), “Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў” (2009), “За мостом моего детства” (2011), “Закаханы ў снягурку” (2012), у альманахах “Дзвіна”, “Край”, “Калосьсе”, “Ратуша”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Дзеяслоў”, “ARCHE”, штотыднёвіках “Наша Ніва”, “Літаратура і мастацтва” і інш.

Аўтар кнігі дэтэктыўных аповесцей “Апошняе падарожжа ў краіну ліваў” (1997), шэрагу казак і апавяданняў для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў, двух зборнікаў метадычных матэрыялаў па беларускай мове для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей. На яго творчым рахунку кнігі “Удог” (2001), “Бялячык” і “Ягня ахвярнае” (2003), “Асіметрыя” (2005), “Дзень Бубна” (2008), “Выспы” (2011), “Эдэм” (2014), Ён – лаўрэат прэміі часопіса “Полымя” (2001), рэгіянальнай літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча (2002), прэміі Таварыства вольных літаратараў “Гліняны Вялес” (2015).

У творчасці закранае маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы, даследуе асаблівасці ментальнасці беларускага грамадства на пераломных гістарычных этапах, у дэтэктывах раскрывае магчымасці выкарыстання моўных сродкаў, у прыватнасці дыялектызмаў, у крыміналістыцы. Жыве ў Віцебску, часта наведвае родныя мясціны.