Адразу пасля вызвалення раёна пачалося аднаўленне гаспадаркі раёна. Да верасня 1944 г. былі адноулены 3 цагельныя заводы, лесапільны завод, воўначасальная фабрыка, 3 вапнавыя заводы, 11 млыноў, электрастанцыя. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, разбурэнні, раён ужо з ураджаю 1944г. паставіў дзяржаве 108407 пудоў хлеба, 159898-бульбы, 2790-мяса, 16531 пуд сена.
Праўда, асноўны ўклад у гэтыя пастаўкі зрабілі аднаасобніцкія гаспадаркі. Дапамога дзяржавы вызваленнаму раёну ў першаю чаргу заключалася ў пастаўцы тэхнікі. Так у зводцы МТС за 18 сакавіка 1945г. адзначалася, што да веснавых палявых работ былі адрамантаваны 4 трактары з 5 і прычапны інвентар да іх. Курс на калектывізацыю набываў усе больш прыхільнікаў. Асабліва шырокі размах набыла калектывізацыя ў 1949г., а да канца 1950г. яна была практычна закончана. Да канца 1950г. ў раёне ўжо дзейнічала 145 калектыўных гаспадарак. Адбываліся змены ў індустрыяльным развіцці раёна. Пачалі дзейнічаць Міжрэчанская і Міёрская гідраэлектрастанцыя, якія ў 1948г. Выпрацавалі 45300квт\гадзін электраэнергіі, уведзены 4 млыны, арганізавана некалькі кааператыўных арцеляў. За 1949г. прамысловасць выпусціла валавой прадукцыі на 692025руб. Да 1950 года ў раёне была ліквідавана непісьменнасць. Да 1950г. вытворчасць прамысловай прадукцыі ў параўнанні з даваенным узроўнем падвоілася. Пачаўся наступны этап у развіцці сельскай гаспаларкі – узбуйненне калгасаў.
Адразу пасля вызвалення частымі былі бандыцкія вылазкі. Ім супрацьстаялі вопытныя міліцыянеры. Але дзяржаўны рэпрэсіўны апарат дзейнічаў не толькі супраць былых фашысцкіх прыслугачоў-паліцэйскіх, дэзерціраў, ”зяленых”. Яшчэ да вайны пачаліся першыя высяленні, якія ў першую чаргу закранулі буйных землеўладальнікаў і прадстаунікоў польскай адміністрацыі. Пазней пералік рэпрэсіраваных пашыраўся: ”нядобранадзейныя”, “андэрсаўцы”, ”раскулачаныя”. Але, на шчасце, вялікага размаху высяленні не набылі. Многія незадаволенныя сталінскімі парадкамі мелі магчымасць афіцыйна выехаць у суседнюю Польшчу ў якасці рэпатрыянтаў.50-я гады для Міёршчыны былі пераломнымі ў многіх адносінах. У сельскай гаспадарцы праводзіцца ўзбуйненне калгасаў. Толькі на тэрыторыі былога (даваеннага) Міёрскага раёна са 145 калектыўных гаспадарак да 1951 г. застаюцца 62, у 1956 – 31, а цяпер ва ўзбуйнёным за кошт Дзісеншчыны раёне ўсяго 23 калгасы і 3 саўгасы. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, калгасная вытворчасць паступова набірала тэмпы. На пачатак 1955 г. у 31 гаспадарцы раёна налічвалася 4605 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1897 кароў, свіней – 4870, авечак – 4686, коней – 5197. За гэты год вытворчасць малака склала 1 329 361 кг, воўны – 5752,2 кг. Пры агульнай пасяўной плошчы 36,9 тыс. га ўраджай
жыта складаў 2,8 ц з га, пшаніцы – 5,4, ільнасемя – 1,5, ільновалакна – 1,4, бульбы – 36,5. Валавы збор зерня дасягнуў 16,3 тыс. ц, бульбы – 45,4 тыс. ц.
8 студзеня 1954 г. Пры рэарганізацыі адміністрацыйнага дзялення Дзісенскі і Міёрскі раёны ўвайшлі ў склад Маладзечанскай вобласці. А ў ранейшых межах у Міёрскім раёне налічвалася 26 калгасаў і 1 саўгас.
Улічваючы, што ў раёне было развіта льноводства, у Міёрах пабудаваны льнозавод, які прыступіў да перапрацоўкі трасты 1 студзеня 1956 г. Расшыраецца і выносіцца за межы райцэнтра маслазавод. Расшыралі вытворчасць арцелі “Праца” і “Нарыхтоўшчык”. У Дзісне дзейнічалі прамкамбінат, маслазавод, лясгас. Увогуле за 1960 г. прамысловасць выпусціла прадукцыі на 28 432,5 тыс. руб. Развівалася тэлефонная сувязь. У 1957 г. былі ўстаноўлены рэпрадуктары ў 1200 дамах.
У 1955 г. у раёне дзейнічалі раённая, гарадская, дзве сельскія бальніцы, 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У іх працавала 14 урачоў, 86 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу. За пяцігодку колькасць урачоў узрасла да 22, сярэдняга медыцынскага персаналу – да 198. ФАПаў было ўжо 17, 4 участковыя, гарадская і раённая бальніца з агульнай колькасцю ложкаў на 250 чалавек.
У гэты перыяд не толькі ўмацоўваецца матэрыяльная база і расшыраецца сетка агульнаадукацыйных школ. У 1955 г. у раёне адкрыта 6 сямігадовых школ сельскай моладзі і адна – рабочай. Наведвала іх 111 чалавек. А ўсяго дзейнічала 71 школа: 6 сярэдніх, 21 сямігадовая, 44 пачатковыя. Яны забяспечвалі навучанне 5943 дзяцей. За пяцігодку колькасць школ павялічваецца да 90, дзе працавалі 684 настаўнікі (226 мелі вышэйшую адуацыю) і вучыліся 6794 вучні.
20 студзеня 1960 г. ліквідавана Маладзечанская вобласць, Міёрскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці. Можна сказаць, што пачаўся сучасны этап яго развіцця. Сельская гаспадарка ўжо была прадстаўлена буйнымі гаспадаркамі. Так, у 1968 г. у раёне былі 33 калгасы і 2 саўгасы, у сярэднім на гаспадарку прыходзіўся 2441 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 1678 га ворыва.
На дапамогу працаўнікам вёскі прыходзіць тэхніка, паляпшаюцца ўмовы працы, разгортваецца вытворчае, жыллёвае і дарожнае будаўніцтва. З 1965 да 1978 г. у развіццё сельскай гаспадаркі раёна ўкладзена 67,4 млн. руб. Гэтыя сродкі выкарыстаны на ўзвядзенне памяшканняў на 1400 гадоў буйной рагатай жывёлы, 14600 свіней, а яшчэ 52 зернетакоў, 25 майстэрняў і іншых аб’ектаў. Трактарў сьала больш у 2,3 раза, зерневых камбайнаў – у 2,4, ільноўборачныхх – у 16 разоў. Пабудавана і адрамантавана 230 км дарог, у тым ліку 60 км заасфальтавана, знесена з хутароў 1056 дамоў, у вёсках пабудавана 15 000 квадратных метраў жылля, школ на 2868 месц, клубаў на 2160 месц, бальніц на 180 ложкаў і інш. Закончана электрыфікацыя населеных пунктаў раёна. У 1973 г. асфальт звязаў раён са сталіцай, у 1978 г. – з абласным цэнтрам.
За гэты ж час падвоіліся аб’ёмы прамысловай вытворчасці. Ствараецца раённы камбінат бытавога абслугоўвання, сетка атэлье якога ахапіла цэнтральныя сядзібы ўсіх гаспадарак. У 1965 г. уводзіцца ў эксплуатацыю мясакамбінат у Міёрах. У кансервовы завод пераўтвараецца прамкамбінат, а на яго базе ў канцы 1971 г. пабудаваны хлебазавод. Адначасова ўводзіцца ў эксплуатацыю камбікормавы завод. У Дзісне з прамкамбіната вылучаецца плодаагароднінны завод, які пазней становіцца кансервавым. Вялікую практычную дапамогу працаўнікам вёскі аказваюць спецыялізаваныя падраздзяленні раённых аддзяленняў “Сельгастэхніка” і “Сельгасхімія”, Райсельэнерга, новая база якога паўстала ва ўскрайкуМіёраў у 1978 г.
Адначасова з вытворчым будаўніцтвам у Міёрах значная ўвага надаецца ўзвядзенню жылля. 15 студзеня 1972 г. райцэнтру прысвойваецца статус горада. У гэтых адносінах менш пашанцавала больш старажытнай, але менш прамыслова развітай Дзісне. Пэўнае ажыўленне тут адбылося з будаўніцтвам на тэрыторыі раёна і ўвядзеннем у эксплуатацыю нафтапрадуктаправода Навапоацк – Вентспілс, а заты і ЛПДС “Дзісна”. І ўсё ж Дзісна яшчэ дзесяцігоддзі не магла аднавіць разбуранае вайной. Яна стала своеасаблівай Меккай для кінематаграфістаў, якія здымалі туту кінастужкі “Чорная бяроза”, “Дзяржаўная граніца” і іншыя фільмы.
У спажывецкай кааперацыі ў 1963-1970 гг. Уводзяца квасільна-засолачны пункт на 100 т і халадзільнік на 120 т у нарыхтоўчай канторы, халадзільнік у райцэнтры на 100 т, склад аптова-гандлёвай базы, універмаг у Міёрах, магазіны ў Павяцці, Кухцінцах, Наўгародах, Акунёве, Чапуках, Дворным Сяле, Ідолце, Волкаўшчыне, кніжны магазін у Язне, сталовыя ў Новым Пагосце і Ідолце. Усяго ў раёне дзейнічала 117 прадпрыемстваў гандлю і 43 – грамадскага харчавання. У 1971 г. Міёрскае, Дзісенскае, Язненскае, Новапагосцкае сельпо і Міёрскае гарпо аб’ядноўвалі 26188 пайшчыкаў. Паступова колькасць спажывецкіх таварыстваў памяншаецца, райспажыўсаюз у 1995 г. пераўтвараецца ў райпа, а яго падраздзяленнямі становяцца аб’яднанні – рознічна-аптовае і гандлёва-прамысловае. Кааператары мелі ўласную аўтагаспадарку, кандытарскі цэх, жывёлазабойны пункт з каўбасным цэхам, іншыя вытворчыя падраздзяленні. На ўсіх цэнтральных сядзібах гаспадарак ёсць магазіны. Агульная колькасць гандлёвых устаноў склала ў 1997 г. 97, з іх 60 дзейнічала на вёсцы. Гадавы рознічны таварабарот дасягнуў 123 млрд руб.
Асабліва значны сродкі адпускаліся на культурнае будаўніцтва. У 1962 г. быў узведзены раённы Дом культуры, у 1965 г. – раённая і дзіцячая бібліятэкі. Пабудаваны Камянпольскі (1966), Даўгінаўскі (1967) і Слабадскі (1964) сельскія клубы, Язненскі СДК (1965), Завуццеўскі Дом культуры, Дрыгуцкая і Новакрукаўская сельскія бібліятэкі. У 1967/68 навучальным годзе ў райцэнтры адкрылася дзіцячая музычная школа. Значна пазней яна стане школай мастацтваў, а музычныя школы з’явяцца ў Павяцці, Дзісне, Язне.
У 1967 г. адбыўся першы выпуск Міёрскай СШ №2 на 536 месц, пачала працаваць Перабродская СШ на 320 месц, пабудаваны Цвецінская сярэдня школа і Маляўская васьмігодка на 192 месцы кожная. Потым разгортваецаа будаўніцтва школ у Дворным Сяле, Туркове, Павяцці, Дзісне, Мікалаёве, Сіцькове, Волкаўшчыне, Слабадзе, Даўгінаве, Язне, Завуцці, Новым Пагосце, СШ №3 у Міёрах.
У 1967 г. у раёне налічвалася 12 сярэдніх, 28 васьмігадовых і 55 пачатковых школ, школа-інтэрнат – усё на 7723 вучні.У сістэме адукацыі працавала 668 настаўнікаў. Яшчэ дзейнічалі 2 Дамы піянераў і 5 дзіцячых садкоў. Праз 30 гадоў сітуацыя крыху памянялася. У 1997 годзе у сістэме адукацыі было 35 агульнаадукацыйных школ, у тым ліку 16 сярэдніх, 10 базавых і 9 пачатковых, школа-інтернат, дзіцячая спартыўная школа, Дом піянераў, Маляўскі вучэбна-вытворчы камбінат і 26 дашкольных дзіцячых устаноў. У школах і садках навучалася і выхоўвалася адпаведна 4720 і 712 дзяцей. У школах раёна працаваў 591 настаўнік, 85,4% мела вышэйшую адукацыю, у садках і яслях – 106 педагагічных работнікаў.
Пасля 1960 г. за кошт дзяржаўных капітальных укладанняў пабудавана раённая паліклініка, 19 ФАПаў, бальніцы расшыраны да 290 ложкаў. У 1968 г. у сістэме аховы здароўя працавалі 32 урачы і 224 сярэднія медыцынскія работнікі. Па ініцыятыве калгасаў у пачатку 70-х гадоў на беразе возера ў Міёрах вырас новы трохпавярховы корпус бальніцы на 1100 ложкаў з комплексам дыягнастычных кабінетаў. У пачатку 90-х распачата будаўніцтва новага бальнічнага комплексу, у Дзісне – новай паліклінкі. У канцы 90-х у сістэме аховы здароўя дзейнічаюць цэнтральная раённая бальніца на 260 ложкаў, раённая бальніца ў Дзісне на 95 ложкаў, участковыя бальніцы ў Язне і Новым Пагосце на 25 ложкаў кожная, аказваюць медыцынскую дапамогу насельніцтву ўрачэбная амбулаторыя ў Даўгінаве і 33 фельчарска-акушэрскія пункты. У сістэме аховы здароўя было занята 640 чалавек, у тым ліку 60 ўрачоў і 310 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.
Сучасная сістэма бытавога абслугоўвання склалася ў 1965 г. А потым паступова ўступаюць у строй майстэрні па рамонту абутку, шыццю адзення, рамонту і вырабу мэблі, дзейнічалі 4 фотастудыі, 3 цырульні, 4 лазні. Пазней вясковыя майстэрні пераўтвараюцца ў комплексна-прыёмныя пункты. У 1978 г. будаўнікі ўвялі ў строй Дом быту ў райцэнтры, а ў вёсках аказанне бытавых паслуг канцэнтруецца на цэнтральных сядзібах гаспадарак, у буйнейшых населеных пунктах раёна.
У 1967 г. 90% гужавых паштовых трактаў пераведзена на абслугоўванне аўтатранспартам. На гэтыя мэты былі выдзелены 4 машыны. Жыхары раёна сталі атрымліваць цэнтральныя і рэспубліканскія газеты ў дзень іх выхаду.Да гэтага часу большасць аддзяленняў сувязі пераведзена ў добраўпарадкаваныя будынкі. У 1981 г. новы будынак атрымалі сувязісты райцэнтра. А ўвогуле насельніцтва раёна абслугоўвала 30аддзяленняў сувязі, у якіх было занята 180 работнікаў.
Пасля рэарганізацыі сувязі ў раёне з’явіўся раённы вузел электрычнай сувязі. 60 работнікаў гэтай установы абслугоўвала 2 гарадскія і 31 сельскую аўтаматычныя тэлефонныя станцыі агульнай магутнасцю 6000 тэлефонных нумароў, больш 600 км паветраных і 2300 км кабельных ліній, 8,5 тыс. радыёкропак.
У канцы 80-х гадоў раённая будаўнічая праграма штогод перавыконвалася ў 2-3 разы. Шмат жылля і аб’ектаў сацкультбыту ўзводзілі гаспадаркі. У райцэнтры дала цяпло кацельня “Паўночная”, прыняла пасажыраў аўтастанцыя, адзін за другім здаваліся ў эксплуатацыю шматкватэрныя дамы. У 80 - пачатку 90-х гадоў у раёне пачалося стварэнне кааператываў, малых прадпрыемстваў, таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, прыватных фірм.
Літаратура:
1.Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна. – Мн.: Бел. навука, 1998. - С. 495-514.
2. Послевоенное восстановление системы народного образования в Браславс-
ком, Докшицком, Глубокском, Миорском, Поставском, Шарковщинском районах (1944-1950 гг.): сборник документов / сост.: Н.А. Боровик, З.Н. Рослевич.– Минск: Медисонт, 2012. –С.4,5,7,66,77,85,87,92,95,96,104,115,122, 123,191,193,220,242,252,284,300,306,354,378,386.
3. Матэленак, Л. Ад местачковай брукаванкі да гарадскога асфальту / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2017. - 13,14 студзеня (№3,4). – С.2.
4. Шымуковіч, Ф. Яны падымалі Дзісну з попелу: [Аднаўленне Дзісны пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі] / Ф. Шымуковіч // Міёрскія навіны. – 2016. – 9 красав. (№29). – С.6.