Міёрскі раён размешчаны на паўночным захадзе Беларусі. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны – плоскаўвагнутай, прарэзанай далінамі рэк, з адноснымі вышынямі ў 3-5м. На паўночным захадзе на тэрыторыі раёна знаходзяцца ўзвышшы Браслаўскай грады. Тут асноўны тып рэльефу --- узгорыста-марэнны азёрны, значна расчлянёны, спалучае падоўжаныя ўзгоркі і невялікія грады з западзінамі. Найвышэйшы пункт 211м, Воўчая гара, размешчана за 5 км на паўночны захад ад вёскі Пераброддзе.
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Прыбалтыйскай монакліналі --- схілу Беларускай антэклізы. Сучасная паверхня складзена з алювіяльных адкладаў поймы і надпоймавых тэрас Заходняй Дзвіны, азёрна-алювіяльных, марэнных і флювіягляцыяльных адкладаў паазерскага ледавіка. Ніжэй залягаюць утварэнні сожскага і дняпроўскага ледавікоў. Агульная магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў ад 40-50 да 60-90 м.
Сярод карысных выкапняў ёсць торф, сапрапелі, гліны, суглінкі, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял.
Вядома 22 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 148,4 млн.т., найбольшыя сярод іх --- Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслоўскае 2-е. Актыўнае ўжыванне торфу на ўгнаенне ў апошнія гады прыпынілася.4 радовішчы глін і суглінкаў – карашкевічы, малаглінаўскае, Галомысленскае, Баграмянаўскае – маюць запасы 1,7 тыс.м³. Эксплуатуюцца толькі два апошнія. Баграмянаўскае ўтрымлівае 207 тыс.м³ стужкавых цёмна-чырвоных,бурых, слабапластычных глін магутнасцю 1,5м. Яны выкарыстоўваюцца для вырабу цэглы.
510 тыс.м³ чырвона-бурых, карычневых, пластычных і высокапластычных глін таўшчынёй да 3 м разведаны ля в. Малая Глінаўка. Яны прыдатны для вырабу цэглы.
Звесткі пра пясчана-жвіровы матэрыял хутка старэюць. Зусім нядаўна паведамлялася пра 4 радовішчы з запасамі 1,7 тыс.м³ Падгайскае выпрацавана поўнасцю,Гір’яцкае – у значнай ступені. Эксплуатуюцца драбнейшыя,вядзецца пошук новых. Падзвінскае радовішча пяскоў15 млн м³, прыдатныя для будаўнічых работ, магутнасцю да 6,4 м.
Азеры ўтрымліваюць значныя запасы сапрапелю. Толькі ў Красноўскім возеры іх 3,5 млн м³. Таўшчыня адкладаў да 8,5 м. Прыдатныя для ўгнаення, буравых работ, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
Літаратура:
1. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна / Рэд. кал. Г.М. Маняк і інш. – Мн.: Бел. навука, 1998. – 630 с.; іл.
2 .Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.1 Ааліты-Гасцінец/Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. --- 575 с.,іл.,39 л.іл.
3.Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.2 Гатня-Катынь/
Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.)і інш.-Мн.:Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. --- 522 с.,іл.,42 л.іл.
4.Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.3 Катэнарыя -Недайка/Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.Беларус.Сав.Энцыклапедыя,
1984. --- 488 с.,іл.,40 л.іл.
5.Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.4 Недалька-Стаўраліт/
Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя,
1985. --- 599 с.,іл.,38 л.іл.
6.Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.5 Стаўраструм-Яшчур/
Рэдкал: І.П. Шамякін (гал.рэд.) і інш.—Мн.: Беларус.Сав.Энцыклапедыя,
1986. --- 583 с.,іл.,32 л.іл.