З 17 верасня 1939 года ў гісторыі бібліятэк Міёршчыны наступае новы этап развіцця. Тут у прыграніччы пачынаўся першы з шасці дзён паходу Чырвонай арміі на Заходнюю Беларусь. Мясцовае насельніцтва ўспрыняло гэту падзею з надзеяй і ўздымам.У кастрычніку 1939 года была ўтворана Вілейская вобласць, у якую ў ліку сямі раёнаў уваходзіў і Дзісненскі раён.
А 15 студзеня 1940 года на падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР арганізоўваецца раён з цэнтрам у Міёрах. Міёры на той час уяўлялі сабой неўпарадкаваную вёску, якая перажыла вялікі пажар, з насельніцтвам крыху больш за тысячу чалавек.
Аб’яднаны Дзісненскі і Міёрскі раёны будуць пазней ў 1952 годзе, а пакуль была разгорнута барацьба з непісьменнасцю і малапісьменнасцю на вызваленай тэрыторыі.
У гэтыя гады была створана разгорнутая сістэма хат-чытальняў, дамоў сацыялістычнай культуры, клубаў, кінаўстановак, чырвоных гурткоў. Было адкрыта 12 хат-чытальняў. Яны атрымалі 8 радыёпрыёмнікаў і 3 тэлефоны.
Па ўсёй Заходняй Беларусі прапагандавалася афармленне і арганізацыя работы хаты-чытальні ў в. Пераброддзе. Да лета 1940 года тут была зручная мэбля, музычныя інструменты, зроблены стэнды для выставак, спецыяльныя сталы для настольных гульняў,чатыры фотавітрыны, якія адлюстроўвалі дасягненні сельскай гаспадаркі, калгаснага будаўніцтва, прамысловасці і транспарту. Вяскоўцы прыходілі ў хату-чытальню паслухаць даклад ці лекцыю, прыняць удзел у гутарцы ці гучных чытках. Драмгурток паставіў некалькі п’ес. Гурток мастацкай самадзейнасці наведалі з канцэртамі бліжэйшыя калгасы. Штомесячна выходзіла насценная газета.
Вядома таксама што з 1939 года працавалі бібліятэкі ў вёсках Волкаўшчына, Лявонпаль, Чэрасах, Свярдлы і іншыя.
Вялікая Айчынная вайна парвала мірнае жыцце. Міёршчына была акупіравана праз два тыдні пасля нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Тры гады тэрыторыя раёна была акупіраванна нямецка-фашыскімі войскамі. У гэты час работа бібліятэк была спыніна, кнігі знішчаны, некаторыя будынкі былі спалены. Будынак бібліятэкі ў горадзе Дзісна захаваўся нягледзячы на тое, што ў горадзе былі дастаткова жорсткія баі, аднак бібліятэка даваенных часоў не захавалася. Тэрыторыя цяперашняга Міёрскага раёна была вызвалена ад нямецка-фашыскіх захопнікаў 4 ліпеня 1944 года. Пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі і культурнага жыцця.
За паўгода мірнага жыцця на перыяд да 30 снежня 1944 года былі адноўлены органы савецкай улады: райсавет з яго аддзеламі і 20 сельскіх Саветаў, а таксама 57 школ, 3 бальніцы, 4 ФАПы, МТС, 3 калгасы, адкрыта 16 хат-чытальняў,Дом культуры , раённая бібліятэка.
З Полацкай абласной бібліятэкі, быў прысланы прыказ у РАНО, дзе гаварылася аб тым што на тэрыторыі г.п. Міёры неабходна арганізаваць раённую бібліятэку. Дакладную дату узнікнення Міёрскай раённай бібліятэкі пакуль што устанавіць не удалося. Па звестках з “Летапісу бібліятэкі” датай узнікенння бібліятэкі лічыцца лістапад 1945 года, аднак па звестках з Глубоцкага архіва у пачатку 1945 года змянілася загадчыца бібліятэкі. Значыць бібліятэка ужо існавала у 1944 годзе. Размяшчалася яна ў будынку былой прукуратуры і займала невялікі пакой. Кніжный фонд налічваў каля 200 экз. кніг, чытачамі з’яўляліся каля 60 чалавек.Працаваць было вельмі складана з-за недахопу кніг. У бібліятэцы на той час было 2 стэлажы, 6 крэслаў, 1 стол. Працавалі два работнікі: загадчыца Валеўка Станіслава, бібліятэкар Крыштапёнак Вольга. З 1947 года загадчыцай раённай бібліятэкі стала былая першая загадчыца аддзела культуры Данілава Марыя Нікіфараўна. За кнігамі ездзілі самі работнікі бібліятэкі ў Полацкі бібкалектар, чытачы дарылі свае кнігі. Рос фонд і павялічвалася колькасць чытачоў і кнігавыдач. Усувязі з ростам кніжнага фонду бібліятэка пераехала у 1959 годзе ў будынак у якім для яе былі адведзены два пакоі: абанемент і чытальная зала. Зараз гэты будынак знесены. У гэтым жа годзе чытачы сталі мець магчымасць адкрытага доступу да кніжнага фонду. Да 1962 года было адчынена 16 перадвіжак. З гэтага ж года бібліятэка пачала карыстацца МБА.
Узнавілі сваю работу бібліятэкі створаныя ў даваенныя гады.У другой палове 40-х гадоў утвораны былі Павяцкая (1947г.),Дварнасельская (1949г.), Навапагостская(1949г.), Завуццеўская (1949г.), Астраўская(1949г.), Істаўская (1949г.), цяпершняя Слабадская (1949г.).
Дзісненская раённая бібліятэка была арганізавана ў 1946 г.. Знаходзілася яна ў будынку райкома партыі. Загадчыкам бібліятэкі быў Віктар Ганчароў. Кнігі былі прысланы з Полацкай абласной бібліятэкі, з горада Баку і паўднёвых рэспублік, часткова падораныя чытачамі. Кнігі знаходзіліся ў адной шафе. Іх налічвалася 800 экземпляраў. У 1948 годзе бібліятэку перавялі ў будынак райвыканкама і яна займала пакой 8 м2. Было 3 аднабоковыя стэлажы. Помяшканне бібліятэкі не ацяплялася. Загадвала бібліятэкай з 1948 па 1950 год Марыя Лабасава. У гарадской бібліятэцы загадчыцай назначана Пугачэўская Ірына Іванаўна. Бібліятэка была пераведзена ў больш зручнае памяшканне. У 1956 годзе Дзісненская раённая і Дзісненская гарадская бібліятэкі былі аб’яднанны. Кніжны фонд стаў налічваць 30680 экз. У склад фонда ўваходзілі не толькі кнігі але і часопісы, якія рэгістраваліся, як кнігі. Таму колькасць фонда дастаткова вялікая.
У 1962 г. да гарадской бібліятэкі быў далучаны дзіцячы аддзел. З 1966 года Дзісненская дзіцячая біліятэка стала самастойнай.
У 50-я гады былі ўтвораны Наўгародская, Сіцькоўская, Папшулёуская, Міёрская дзіцячая бібліятэка, Дзісненская дзіцячая бібліятэка, Далгінаўская, Узмёнская, Крукаўская, Чэраская, Мікалаёўская, Карэнікоўская, Дрыгучская, Дарожкаўская, Мікалаёўская, Карэнікоўская, Дрыгучская, Фурсянская, Любіноўская.
У 60-я гады былі ўтвораны Цвецінская, Шарагоўская, Каменпольская бібліятэкі.
Кожная з бібліятэк камплектавалася па асобку, падпарадкоўваліся сельскім выканаўчым камітэтам, справаздачы здавалі па зонах у Дзісненскую гарадскую бібліятэку і ў Міёрскую раённую бібліятэкі.
З мэтай далейшага ўдасканалення культурна-асветніцкай работы бібліятэк, паляпшэння эфектыўнасці і якасці выкарыстоўвання кніжных фондаў і грашовых выдаткаў, выдзяляемых для ўтрымання бібліятэк з 15 снежня 1978 года рашэнням Міёрскага раённага савета народных дэпутатаў ад 11 мая 1978 года № 121 “ Аб цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк раёна было вырашана аб’яднаць усе дзяржаўныя масавыя бібліятэкі раёна ў цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму з агульным кніжным фондам, адзіным штатам, адміністрацыйна-гаспадарчым кіраўніцтвам на базе раённай бібліятэкі.
Створаная 15 снежня 1978 года Міёрская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма налічвала 60 бібліятэк , з іх Міёрская цэнтральная бібліліятэка, Міёрская дзіцячая бібліятэка, Дзісненская гарадская, Дзісненская дзіцячая бібліятэкі і 56 сельскіх філіялаў. Узначаліла цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму Альхоўка Зінаіда Фамінічна. На пасадзе дырэктара Зінаіда Фамінічна знаходзілася з 1978 па 1988 гады. Стварэнне цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы мела шмат пазітыўных момантаў. Назіраўся рост кніжных фондаў, іх эффектыўнае выкарыстанне бібліятэкамі, аснашчаліся новай мэбляй, умацавалася метадычнае кіраўніцтва і г.д.
Адчувальныя і вялікія змяненні да лепшага адбыліся ў бібліятэчнай сістэме з прыходам новага дырэктара у 1988 годзе Скавародка Аллы Аляксееўны. Пачынала працаваць Ала Аляксееўна ў Далгінаўскай сельскай бібліятэцы. Затым працавала інспектарам аддзела культуры, а потым была выбрана галасаваннем калектыва на пасаду дырэктара ЦБС. Менавіта па яе ініцыятыве былі расшыраны карысныя плошчы раённай бібліятэкі. Значна палепшыўся матэрыяльна-тэхнічны стан бібліятэчнай сістэмы. Гады працы пад кіраўніцтвам Алы Аляксееўны, гэта гады стваральнай працы.
Аднак пачынаючы з 1990 года назіраецца змяншэнне колькасці сельскіх бібліятэк, і пачынаецца пагаршаецца камплектаванне бібліятэк новай літаратурай. Змяншаецца і колькасць чытачоў у сувязі з вельмі хуткім змяншэннем колькасці насельніцтва ў раёне. За перыяд з 1978 па 2000 былі закрыты 19 бібліятэк. На 1.01 2001 года у сістэме налічвалася 41 установа. З 1 мая 2001 года у сістэме з’явіліся платныя паслугі у цэнтральнай бібліятэцы.
Матэрыяльны стан бібліятэк значна палепшыўся з прыняццем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла 2005-2010 гг.. Былі рэалізаваны не малыя сродкі на будаўніцтва навых дамоў і абьектаў сельскагаспадарчай вытворчасці, рамонт будынкаў сацыяльнай сферы. Былі капітальна адрамантаваны Туркоўская, Мікалаёўская, Цвецінская, Чапукоўская, Чэраская, Узмёнская, Дварнасельская, Язненская бібліятэкі. 12 бібліятэк раёна сталі бібліятэкамі аграгарадкоў. З’явілася магчымасць абслугоўваць чытачаў на належным ўзроўні. У сістэме сталі працаваць камп’ютары, з’явіліся каляровыя прынтары, сканеры, пачаў забяспечвацца выхад у Інтэрнэт, прадастаўляцца паслугі факса. Павялічваецца колькасць платных паслуг. Дзякуючы паручэнню Прэзідэна РБ аб забеспячэнні фінансавання на камплектавання фондаў для бібліятэк фонды бібліятэк забяспечваюцца новай літаратурай.
Гісторыя бібліятэчнай сістэмы - гэта яе людзі, якія аддалі гады свайго жыцця на службу бібліятэцы, яе чытачам. Шмат гадоў адпрацавала былая дырэктар Зінаіда Фамінічна Альхоўка, метадыст Шчалканава Мая Яўгеньеўна , Галіна Маісееўна Путрукевіч - загадчыца аддзела абслугоўвання, Анфіса Казіміраўна Цімафеева – бібліятэкар чытальнай залы. Па сістэме на заслужаным адпачынку знаходзяцца 25 ветэранаў бібліятэчнай справы.
Аднак працягваецца аптымізацыя сеткі бібліятэк і за перыяд 2001 – 2018 год у раёне закрыта 16 бібліятэк.
У складзе цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна ў 2020 годзе - 23 установы: дзве гарадскія, 21 абслугоўвае сельскіх чытачоў, з іх 12 – у аграгарадках, чатыры рэарганізаваны ў бібліятэкі-клубы. Кадравы патэнцыял налічвае 43 работнікі. Спецыяльную бібліятэчную адукацыю маюць 60% ад агульнай колькасці. Бібліятэкі раёна наведваюць каля 10 тысяч чытачоў, з якіх дзеве тысячы – дзеці. Гадавая дакументавыдача складае 155 тысяч экзэмпляраў, у тым ліку 60,5 тысяч – дзецям. Асноўны рэсурс бібліятэчнай сістэмы – 191 тысяча экзэмпляраў дакументаў.
Літаратура:
1.Памяць: Гісторыка- дакументальная хроніка. Міёрскага раёна.-Мн., 1998.-С. 498, С.126
2. Города России в 1904 году. С.114
3. Города России в 1910 году. С138
4. Шимукокович С. Дисна
5. Белая, Л. Цэнім мінулае, глядзім у будучыню: [Пра Забалоццеўскую бібліятэку-клуб] / Л. Белая // Міёрскія навіны.— 2019. – 14 верасня (№74). – С.7.
6. Бунта, З. Станьце, казкі, у карагод: [Пра сумесную работу Дварнасельскай бібліятэкі і Дварнасельскай школы] / З. Бунта // Міёрскія навіны.— 2019. –30 красав. (№35). – С.6.
7. Матэленак, Л. Шлях да кнігі не будзе бязлюдным: [Гісторыя і сучасны стан Міёрскай ЦБС] / Л. Матэленак // Міёрскія навіны.— 2020. – 14 студз. (№4). – С.4-5.
8. Рынкевіч, К. З кнігай адзін на адзін: [Пра Міёрскую цэнтральную раённую бібліятэку] / К. Рынкевіч // Міёрскія навіны.— 2018. –30 студз. (№9). – С.6.
9. Рынкевіч, К. У вёсках чытаюць дэтэктывы і класіку: дзень бібліятэк / К. Рынкевіч // Міёрскія навіны - 2017 – 16 верасня (№74). – С.5.
10. Рынкевіч, К. Як бібліятэкі прывабліваюць чытачоў: [Абласны семінар загадчыкаў дзіцячых бібліятэк] / К. Рынкевіч // Міёрскія навіны - 2017 –27 чэрв. (№51). – С.3.
11. Станкевіч, Н. Бібліятэкі раёна – у нагу з часам / Н. Станкевіч // Міёрскія навіны. – 2018. – 26 чэрвеня (№51). – С.3.