Виртуальные книжные выставки библиотека Миоры

Виртуальные книжные выставки



6 красавіка спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, паэтэсы, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Валянціны Міхайлаўны Коўтун.

Запрашаем усіх жадаючых пазнаёміцца з яе творчасцю на літаратурнай выставе «Жыццё на зломе маланкі», якая арганізавана ў цэнтральнай бібліятэцы.

Нарадзілася Валянціна Міхайлаўна ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна. Яе бацькі былі настаўнікамі, яны прывілі у яе любоў да кнігі і навукі. У1969 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Першыя паэтычныя творы В.М. Коўтун з’явіліся ў друку ў 1966 г. Пасля выйшлі зборнікі вершаў і паэм “Каляровыя вёслы” , “На ўзлёце дня” , “На зломе маланкі” , “Мы робім казку”, “Метраном” ,“Лісты да цябе”. За кнігу “Метраном” паэтэса ў 1986 г. была адзначана Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А. Куляшова.

У сваіх творах Валянціна Коўтун вядзе шчыры дыялог з чытачом пра лёс свайго пакалення і жыццё вяскоўцаў. Многія творы пабудаваны на фальклорных сюжэтах, пераклікаюцца з народнай паэзіяй.

Аўтар шэрага празаічных твораў: раман «Крыж міласэрнасці», прысвечаны паэтэсе Алаізе Пашкевіч (Цётцы); раман «Пакліканыя» - асветніцы Еўфрасінні Полацкай, шматлікія апавяданні, частка якіх склала зборнік «Калінавая гронка залатая». Апошнія гады жыцця Валянціна Міхайлаўна працавала над раманам «Над садам Іарданскім», які так і не быў завершаны. Творчую, навуковую і рэдакцыйную працу В.М.Коўтун сумяшчала з актыўнай грамадскай працай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам была створана культурна-асветніцкая грамадская арганізацыя “Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай”. За дванаццацігадовы перыяд дзейнасці Фонду, і найперш неверагоднымі стараннямі В.М. Коўтун, арганізоўвалася асветніцкая праца сярод насельніцтва, праводзіліся міжнародныя кангрэсы, канферэнцыі, творчыя сустрэчы, наладжвалася міжнароднае супрацоўніцтва, на выдатным узроўні тварылася народная дыпламатыя. У гэты перыяд В.М. Коўтун праявіла сябе і як лідар беларускага жаночага руху і яго палымяны публіцыст.

Валянціна Міхайлаўна Коўтун пайшла з жыцця раптоўна 30 красавіка 2011 г.