Па тэрыторыі Міёрскага раёна працякаюць 16 рэк і 39 ручаёў. Найбольшыя з іх Заходняя Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Густата натуральнай рачной сеткі 0,50 км/км². Працягласць рэк ад 14 (Улінец) да 47 км (Авута).
Сярэднегадавы расход вады ў мясцовых рачулках невялікі - 2,9 м³ у секунду ў вусці Авуты, 2,8 – Вяты. На Вяце нават працавала невялікая гідраэлектрастанцыя, якая абслугоўвала райцэнтр. Да гэтага часу захаваліся рэшткі гідратэхнічных збудаванняў і вадаспад на плаціне.
Пераважная большасць невялікіх рачулак асноўную частку гадавога сцёку забяспечвае разводдзем: 50% --- Вята, 66 % --- Авута. Усе яны выкарыстоўваюцца ў якасці водапрыёмнікаў меліярацыйных сістэм. Амаль усе рачулкі ў верхнім цячэнні, а некаторыя нават у сярэднім каналізаваны. На некаторых зроблены штучныя вадасховішчы.
У раёне налічваецца 96 вадаёмаў, у тым ліку 83 возеры і 13 сажалак 20 з іх маюць прамысловае значэнне. Найбольшыя азёры Абстэрна – 9,89 км²; Ельня – плошчай 5,42 км²; Набіста – 3,76 км²; Важа – 3,24 км², Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Міёрскае, Шчоўна, Чэрас. 45 азёр агульнай плошчай 330,15 км² знаходзяцца ў граніцах заказнікаў Ельня і Балота Мох. Па тыпу катлавіны найбольшая колькасць іх рэшткавыя і лагчынныя, Абстэрна, Важа і Ідолта --- падпрудныя, Ворань, Запалоссе, Кацілава і Красноўскае -тэрмакарставыя.
Балота Ельня
Карта Балота Мох
Каля палавіны азёраў моцна зарастаюць, дыстрофныя, з вадой, беднай кіслародам. Часцей за ўсё гэта балотныя азёры. Пераважная большасць азёр мае глыбіню 4-6 м. Самае глыбокае возера ў раёне Сумоўка (найбольшая глыбіня – 29,6 м). Кожнае трэцяе возера з’яўляецца рыбапрамысловым. Тут водзяцца судак, плотка, лінь, сазан, сом, лешч, шчупак, карась, краснапёрка, мянтуз, укляя, верхаводка, ёрш, у абстэрнаўскіх азерах – вугор.Некаторыя неаднаразова папаўняліся малькамі каштоўных парод рыб, напрыклад судаком (Абстэрна, Набіста), сазанам (Міёрскае, Кацілаўскае),таўсталобікам (Важа), шчупаком, белым амурам.
Абстэрнаўская група азёр –13 вадаёмаў агульнай плошчай 32 км² - размясцілася сярод маляўнічых пагоркаў браслаўскай грады. Побач хваёвыя лясы, поймавыя лугі. Выкарыстоўваецца для адпачынку (дзіцячы санаторый “Расінка” каля вёскі Пераброддзе).
Возера Абстэрна
Азёры ў многіх частках раёна пераважна круглыя або выцягнутыя ўздоўж старажытных лагчын сцёку ледавіковых вод (Орцы, Чэраскае, Міёрскае). Нярэдка сустракаюцца азерныя астраўкі.
Азеры адносна маладыя - 10-12 тыс.гадоў.
Найбольшыя штучныя вадаёмы створаны ля вёсак Дворнае Сяло, Новы Пагост, Сіцькова, Лявонпаль.
Літаратура:
- Блакітны скарб Беларусі: Рэкі, азеры, вадасховішчы,турысцкі патэнцыял водных аб’ектаў / маст.: Ю. А.Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. — Мінск: БелЭн, 2007. — 480 с.
- Калинин, М. Ю., Волчек, А. А. Водные ресурсы Витебской области / под общ. ред. д.т.н.М. Ю. Калинина. — Минск: Белсэнс, 2004. — 144 с.: ил.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна. — Мінск, Беларус.навука, 1998. — 630 с.: іл.
- Рэкі, азёры,і вадасховішчы Беларусі. — Мінск, 1979. — 216 с.: іл.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5 т. Т.1 Ааліты-Гасцінец / рэдкал: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мінск: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. — 575 с.:іл.,39 л.іл.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5 т. Т.2 Гатня-Катынь / рэдкал: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мінск: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1983. — 522 с.:іл.,42 л.іл.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5 т. Т.3 Катэнарыя-Недайка / рэдкал: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. —Мінск: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1984. — 488 с.: іл.,40 л.іл.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5 т. Т.4 Недалька-Стаўраліт / рэдкал: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. —Мінск: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1985. — 599 с.: іл.,38 л.іл.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5 т. Т.5 Стаўраструм-Яшчур / рэдкал: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мінск: Беларус.Сав.Энцыклапедыя, 1986. — 583 с.: іл.,32 л.іл.
* * * *
- Ботян, М., Герасюк, И. В Миорском краю : [Водоёмы] / М. Ботян, И. Герасюк // Охота и рыбалка. — 2017. — №5. – С. 44-47.
- Сачивко, Д., Мойсеенок, А. Дисна-Дисенка: [О реке Дисне] / Д. Сачивко, А. Мойсеенок // Родная прырода. – 2015. — №6. – С. 22-24.
- Чаплева, Е. Перспективы рукотворного водопада: [О водопаде на реке Вята Миорского района] / Е. Чаплева // Витебские вести. – 2022. – 8 июля (№53). – С. 13.