Наталья Бучинская (2)
Нарадзілася 24 лютага 1970г. у в. Ідолта на Мёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987г. Мёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску.
Першая казка была надрукавана ў газеце “Сцяг працы” (Мёрскі р-н) ў 1986г. Казкі гучалі ў радыёперадачы “Рамантыкі”, друкаваліся ў дзіцячых часопісах “Вясёлка”, “Островок”, “Городской газете”, зборніках серыі “Беларуская аўтарская казка”: “Чароўныя пацеркі”, “Вежа міру”, “Залаты талер” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), у зборніку “Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў” (выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”), у зборніках серыі “Школьная Бібліятэка” - у “Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы“ і “Пакліч у госці сонца”. У серыі “Казкі ХХ1 стагоддзя” у 2008г. выйшла кніга “Прыгоды маленькай Машынкі”, у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову, у 2013г. (выдавецтве “Мастацкая літаратура”) –казачная аповесць “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar @ tut.by”, у 2015г. – “Атракцыёны для Вадзянікоў” – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае”. У 2016г. яна намінавана на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016/2017г. актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным проекце «Чытаем па-беларуску з velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе “Верасень”, “Бярозка”, “Вясёлка”, “Буся”, “Качели», гучаць на радыёканале “Культура” у перадачы “ДНК” (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаны ў склад зборнікаў “Беларуская зіма”, “Беларуская вясна”, “Беларускае лета” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”). 2019г. у выдавецтве “Беларусь” пабачыла свет кніга “Прынцэса Алівія і “жабіны вочкі”.
Актыўна падтрымліваю сацыяльны праект “Беларусь: профессионалы - детям в трудной жизненной ситуации”.