115 гадоў з дня нараджэння Міколы Лобана — беларускага пісьменніка, мовазнаўцы і заслужанага работніка культуры Беларусі.
Мікалай Паўлавіч нарадзіўся 27 кастрычніка 1911 года ў сялянскай сям’і на Случчыне. Працоўны шлях пачаў паштальёнам і бібліятэкарам, пазней настаўнічаў у Слуцкім, Любанскім і Пухавіцкім раёнах.
Першае сваё апавяданне Мікола Лобан надрукаваў у 1930 годзе. У пасляваенны час напісаў шмат нарысаў, апавяданняў, аповесць «Іркуцянка», якая, па сутнасці, з’явілася толькі пробай мастацкага пяра. Потым былі раманы «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы » (1981), што склалі трылогію. У 1984 годзе пабачыла свет кніга Міколы Лобана «Пяць раніц тыдня» — адно з найлепшых выданняў у беларускай эсэістыцы. За гэту кнігу пісьменніку ў 1985 годзе пасмяротна была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа Саюза пісьменнікаў БССР.
У сваіх творах пісьменнік глыбока і праўдзіва даследаваў вясковае жыццё ў яго разнастайных сацыяльных і бытавых праявах, перадаючы складаныя, супярэчлівыя тэндэнцыі эпохі.
Акрамя таго, Мікола Лобан адыграў важную ролю ў развіцці мовазнаўства. Ён удзельнічаў у стварэнні «Арфаграфічнага слоўніка» (1948), «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў, а таксама фундаментальнага пяцітомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы».
Запрашаем Вас бліжэй пазнаёміцца з творчасцю знакамітага пісьменніка на выставе «Права аблюбаваць слова…», якая праходзіць у цэнтральнай бібліятэцы!

