7 лістапада спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Мiхася Чарота — беларускага паэта, драматурга, празаіка і грамадскага дзеяча.
Да юбілею пісьменніка ў цэнтральнай бібліятэцы падрыхтавана кніжная паліца “ Я шумлівы Чарот, я мяцежны бунтар…”
Міхась Чарот нарадзіўся ў 1896 годзе ў гарадскім пасёлку Рудзенск. Быў адным са стваральнікаў Беларускай камуністычнай арганізацыі, а таксама стаяў ля вытокаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк». З 1925 па 1929 год быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь».
Пісаць вершы пачаў рана. На першым часе пераймаў паэтыку Янкі Купалы, але пасля знайшоў свой адметны голас, які выявіўся ў вершах, што склалі яго першы паэтычны зборнік «Завіруха». Ён быў рамантыкам па сутнасці, і гэтая рыса таленту асабліва вызначалася ў яго знакамітай паэме «Босыя на вогнішчы».
Міхась Чарот пісаў і прозу. Па яго аповесці «Свінапас» быў створаны першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль». Пісаў ён і п’есы, у тым ліку для дзяцей. На яго вершы беларускімі кампазітарамі напісана шмат песень.
24 студзеня 1937 года быў арыштаваны як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі беларускіх нацдэмаў». 28 кастрычніка 1937 года асуджаны да вышэйшай меры і 29 кастрычніка расстраляны.
Свой апошні ў жыцці верш «Прысяга» аб асабістай невінаватасці, ён напісаў на сцяне менскай турмы.
Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

