11 лістапада 1956 года ў вёсцы Падольцы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся Валодзька Станіслаў Віктаравіч - вядомы беларускі паэт, дзіцячы пісьменнік, перакладчык і актыўны грамадскі дзеяч, сябра беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і Аб’яднання дзіцячых пісьменнікаў Латвіі.
Да 70-гадовага юбілею пісьменніка ў Міёрскай цэнтральнай бібліятэцы дзейнічае кніжная выстава «Паэт з Даўгаўпілса з беларускай душой» , якая знаёміць чытачоў з яго жыццёвым і літаратурным шляхам.
Вучыўся Станіслаў Віктаравіч ў Беларусі, дзе скончыў філалагічны факультэт БДУ, але далейшае жыццё звязаў з латвійскім горадам Даўгаўпілсам. Валодзька шмат сіл накіроўвае на развіццё і прапаганду беларускай культуры ў Латвіі. Ён стаяў ля вытокаў стварэння таварыства “Уздым”, а таксама з’яўляецца адным з заснавальнікаў “Таварыства латвійска-беларускай садружнасці”.
Вершы Станіслаў Валодзька пачаў пісаць яшчэ ў школьным узросце. Творчая спадчына літаратара ўключае ў сябе паэтычныя творы і дзіцячую літаратуру на беларускай і рускай мовах. Ён выдаў зборнікі паэзіі: “На хвалях хвалявання”, “У вачах Айчыны”, “Памяці гаючая трава”, “Обращение к сердцу” і зборнікі “На гэтай зямлі” і “Под небом Родины”, дзе змешчаны вершы, навэлы і п’еса. Многія вершы аўтара прысвечаны Беларусі. Таксама ён напісаў шэраг кніжак для дзяцей. Важнай сюжэтнай лініяй у творчасці Станіслава Валодзькі з’яўляецца духоўнае і культурнае яднанне беларусаў, якія жывуць па ўсім свеце.
Асобная старонка творчасці паэта – вершы, якія становяцца асновай песень. У іх раскрываюцца тэмы душэўнай прыхільнасці да родных мясцін, сардэчнай цеплыні да культурнай спадчыны продкаў, успаміны дзяцінства і, вядома, тэма кахання. Песня “Браслаўскія зарніцы” штогод завяршае аднайменны фестываль у Браславе.
Запрашаем Вас у бібліятэку пазнаёміцца з творамі Станіслава Валодзькі.

