18 лістапада спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, перакладчыка і заслужанага работніка культуры Беларусі Анатоля Ільіча Вярцінскага.
Да юбілею творцы ў Міёрскай цэнтральнай бібліятэцы арганізавана кніжная выстава “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць”, дзе можна бліжэй пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай паэта.
Нарадзіўся Анатоль Ільіч Вярцінскі 18 лістапада 1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, А. Вярцінскі ў 1951 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет у Давыд-Гарадку, Камянцы, Клімавічах, Рагачове. Пасля пераезду ў Мінск у 1962 г. быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў выдавецтве «Беларусь» і супрацоўнічаў з газетай «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам якой працаваў у 1986–1990 гг. У 1964 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1990 па 1996 г. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання.
З вершаванымі творамі ўпершыню выступіў на старонках універсітэцкай шматтыражнай газеты ў 1951 г., у рэспубліканскім друку ў 1954 г. Першы паэтычны зборнік «Песня пра хлеб» быў выдадзены ў 1962 г., у яго ўвайшлі лірычныя вершы і аднайменная паэма. Раннія творы пісьменніка прысвечаны вясковаму і студэнцкаму жыццю, выпрабаванням мінулай вайны.
У сваёй паэзіі аўтар арганічна спалучае сацыяльнае і нацыянальнае з агульначалавечым, ён арыентуе чытача на спасціжэнне высокага ідэалу, на пошукі ім гармоніі, глыбокае разуменне сэнсу жыцця. Значнае месца ў творчасці паэта займаюць тэмы вайны, нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Ён часта звяртаецца да вобразаў маці, роднай хаты, вяскоўцаў.
У «Песні пра хлеб» (1962) раскрыты характэрныя рысы творчасці пісьменніка – спалучэнне эмацыянальнага і рацыянальнага пачаткаў, узаемадзеянне з беларускай літаратурнай традыцыяй, фальклорнасць. Яна вылучаецца народнасцю, каларытнасцю, натуралістычнасцю, сімвалічнасцю апісання сялянскага побыту. Паэма «Заазер’е» (1968) прысвечана маці і лічыцца своеасаблівым сыноўнім гімнам, маналогам вялікай паэтычнай сілы. Значным літаратурным дасягненнем А. Вярцінскага стала паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979), у якой аўтар выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, вернасць высокім ідэалам чалавецтва.
Паэт працаваў і ў жанры драматургіі. Ён напісаў п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (пастаўлена ў 1974 г.), «Скажы сваё імя, салдат» (пастаўлена ў 1975 г.), «Гефест – друг Праметэя» (пастаўлена ў 1984 г.). Таксама Анатоль Вярцінскі пераклаў на беларускую мову п’есы «Раба свайго каханага» Лопэ дэ Вэгі, «Безыменная зорка» М. Себасцьяна, «Спяшаюся за летам» В. Пальчынскайтэ, якія былі пастаўлены ў тэатрах Беларусі.
А. Вярцінскі вядомы і як аўтарытэтны крытык, чыя публіцыстыка вылучаецца актуальнасцю, наватарскімі поглядамі на літаратурна-грамадскія з’явы і праблемы. Яго артыкулы, рэцэнзіі, эсэ, дыялогі, інтэрв’ю і выступленні сабраны ў кнігах «Высокае неба ідэала» (1980), «Нью-Йоркская сірэна» (1987), «Трывожны досвітак» (1994) і «Тым часам…» (2020).
Літаратурная і публіцыстычная дзейнасць А. Вярцінскага адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя П. М. Лепяшынскага ў вобласці публіцыстыкі і журналістыкі (1988), Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996), Літаратурнай прэміяй імя Міхася Стральцова (2019). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1991).

