Кніжная выстава «У віры імклівага жыцця»

Кніжная выстава «У віры імклівага жыцця»

Да 125 гадовага юбілею пісьменніка Міёрская цэнтральная бібліятэка запрашае чытачоў наведаць кніжную выставу «У віры імклівага жыцця», якая знаёміць з няпростым лёсам і багатай творчай спадчынай пісьменніка Міхася Зарэцкага.

Міхась Зарэцкі (сапраўднае прозвішча Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч) нарадзіўся 20 лістапада 1901 г. у сяле Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і вясковага дзяка. Дзяцінства будучага пісьменніка прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам (адсюль і псеўданім).

Пісьменнік пражыў дужа кароткае жыццё – усяго 35 гадоў, але за гэты час ён узбагаціў беларускую літаратуру апавяданнямі, аповесцямі і раманамі, п’есамі, нарысамі і крытычнымі артыкуламі. У 1920–1930-я гг. яго творы былі вельмі папулярнымі як сярод знаўцаў літаратуры, так і сярод простай публікі. Яны захаплялі сваёй выразнасцю, унутранай свабодай, непрыняццем тагачаснай рэчаіснасці, лёгкай іроніяй. Героі, створаныя М. Зарэцкім, выклікалі цікавасць і спачуванне, а падзеі, апісаныя ў творах, здзіўлялі сваёй гратэскавай канкрэтыкай і графічнай вастрынёй.

Зaймaццa лiтapaтypнaй твopчacцю Мixacь Зapэцкi пaчaў яшчэ ў перыяд армейскай службы. Яго пісьменніцкі дэбют прыпаў на 6 студзеня 1921 г., калі ў «Савецкай Беларусі» быў надрукаваны матэрыял пад назвай “Ці ж так?”, а ў 1922 г. выйшла першае мастацкае апавяданне «Спатканне». З гэтага часу адзін за адным пачалі выходзіць спачатку асобныя творы маладога аўтара, а пасля і цэлыя зборнікі апавяданняў: “У віры жыцця” (1925), “Пела вясна” (1925), “Пад сонцам” (1926), “42 дакументы і Двое Жвіроўскіх” (1926).

Паступова пашырыўся дыяпазон творчасці М. Зарэцкага: аўтар звярнуўся да аповесцей і раманаў. Сярод іх вылучаецца вострапраблемная аповесць “Голы звер” (1926), у цэнтры якой адмоўны герой – Віктар Яроцкі. У 1927 г. з друку выйшаў раман М. Зарэцкага “Сцежкі-дарожкі”, а ў 1932 г. – раман “Вязьмо”, прысвечаны складаным падзеям калектывізацыі.

У канцы 1920-х гг. М. Зарэцкі паспяхова паспрабаваў сябе ў драматургіі. Маральна-этычным праблемам прычвечаны п’есы – “Віхор на балоце” (1928), “Белыя ружы” (1928–1929). Яны засведчылі яго талент драматурга, паказалі здольнасць будаваць дынамічныя сюжэты і займальныя інтрыгі. У гэты ж перыяд пісьменнік актыўна выступаў з нарысамі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі, а таксама пераклаў на беларускую мову «Цэмент» Ф.Гладкова і «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака.

У апошнія гады жыцця М. Зарэцкі зноў звярнуўся да драматургіі: напісаў п’есы “Ная”, “Сымон Карызна”. Апошні твор прадстаўляе асноўныя падзеі рамана “Вязьмо”, якія пісьменнік перанёс на сцэну. Спрабаваў асвоіць Зарэцкі і новую для сябе жанравую форму: па матывах свайго апавядання “Пачатак шчасця” стварыў аднайменны кінасцэнарый, а паводле аповесці А. Пушкіна – п’есу “Дуброўскі”.


3 кастрычніка 1936 г. быў арыштаваны, 29 кастрычніка 1937 г. расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.